КА́БЕЛЬНАЯ ЛІ́НІЯ ЭЛЕКТРАПЕРАДА́ЧЫ,

лінія электраперадачы, якая складаецца з аднаго або некалькіх сілавых кабеляў адпаведнага напружання і сячэння, злучаных кабельнымі муфтамі. Пры выкарыстанні масла- або газанапоўненых кабеляў абсталёўваецца таксама падсілкавальнай сістэмай і прыстасаваннямі сігналізацыі ціску масла (газу).

Будуюцца на напружанне 0,4—750 кВ. Падземныя кабельныя ЛЭП шырока выкарыстоўваюцца ў эл. сетках гарадоў і прамысл. прадпрыемстваў. Пракладваюцца кабелеўкладчыкамі ў земляных траншэях (найб. эканам. спосаб), спец. каналах, тунэлях і блоках. Падводныя кабельныя ЛЭП будуюць з дапамогай кабельных суднаў з выкарыстаннем спец. кабеляў. Трасу праходжання кабеляў і месцы пашкоджанняў вызначаюць кабелешукальнікамі.

т. 7, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)